«Пусть твоя жизнь будет равна тебе, пусть ничто не противоречит одно другому, а это невозможно без знания и без искусства, позволяющих познать божественное и человеческое.»
Луций Анней Сенека (Младший)

Як здаць беларускую мову пасля рускай школы?

 Агульнавядомы факт: для паступлення на большасць спецыяльнасцей  у беларускія ВНУ трэба здаваць ЦТ па адной з дзяржаўных моў – рускай ці беларускай. Звычайна абітурыент можа выбіраць любую. Калі разглядаць сітуацыю звонку, то ўсё здаецца простым: вучыўся ў школе з рускай мовай навучання – здавай рускую, хадзіў на заняткі ў беларускамоўную школу – твой шлях і на адпаведнае ЦТ.

Але выбар мусіць быць больш асэнсаваным.  Па-першае, на асобныя спецыяльнасці  здаваць неабходна менавіта ЦТ па беларускай мове. Вядома, на тыя, што звязаны і далей з вывучэннем беларускай мовы і яе актыўным выкарыстаннем. Напрыклад, пасля аддзялення беларускай філалогіі БДУ працуюць не толькі настаўнікамі, але і перакладчыкамі са славянскіх моў:  гэта вельмі прэстыжная і запатрабаваная сёння прафесія.

Па-другое, беларускамоўных школ, асабліва ў буйных гарадах,  не вельмі многа.  І таму на ЦТ па рускай мове, напрыклад, у мінулым годзе запісалася 96 тысяч абітурыентаў, а  на ЦТ па беларускай – 53 тысячы. Балы за ЦТ налічваюцца па рэйтынгавай сістэме,  гэта значыць, тэст з'яўляецца своеасаблівым конкурсным экзаменамі ва ўсе ВНУ адразу. Высновы пра ўзровень канкурэнцыі на абодвух ЦТ рабіце самі.

Ну а мы прапануем вам інтэрв'ю з выладчыкам беларускай мовы менавіта ў рускамоўнай сталiчнай гімназіі N 6 Аленай Мікалаеўнай Копач.  Алена Мікалаеўна выкладае беларускую мову і на курсах ад «Шпаргалкi». Яе вучні – і ў гімназіі, і на курсах – здаюць ЦТ менавіта па беларускай. Некаторыя і на 100 балаў. Настаўніца распавядае, як можна дасягнуць поспеху нават без пастаяннага моўнага асяродку.

- Алена Мікалаеўна, з вашага пункту гледжання, што адрознівае тых вучняў, якія выбіраюць ЦТ па беларускай?

-  У першую чаргу iдуць здаваць беларускую мову тыя дзеці, у якіх настаўнік працуе добрасумленна. Шчыра i аддана. Лепш за ўсе, калі гэты настаўнік працуе з імі яшчэ з пятага класа.

Ёсць магчымасць рыхтавацца да ЦТ і  ў школе. Тут ёсць факультатыўныя заняткі,  стымулючыя заняткі. Але вопыт паказвае: у дзесятым класе дзеці думаюць, што яшчэ рана, у адзінаццатым яны ўжо перагружаныя. На факультатыў яшчэ ходзяць, але аднай гадзіны  факультатыва мала, каб падрыхтавацца па-сапраўднаму.  Таму большасць дадаткова ходзіць на курсы ці да рэпетытара.

- Ці даводзілася вам параўноўваць тэставыя заданні па рускай і беларускай мове. Якія лягчэйшыя?

- Па цяжкасці яны, мусіць, аднолькавыя. Але беларуская мова ў нас у генах. Кінеш зерне - і яно прарастае. Нават калі дома дзіця  чуе пераважна рускую мову, хутчэй за ўсе ў яго ёсць бабуля на весцы, якая размаўляе па-беларуску.

- Але ёсць і тыя, чые бацькі таксама нарадзіліся ў горадзе. Ці рэальна вывучыць беларускую мову на добрым ўзроўнi ў гэтым выпадку?

-  У мяне ёсць такія вучні. Адна мама нядаўна нават спалохалася, што яе сын хоча здаваць беларускую. Кажа: мы ж расіяне, мы ніколі па-беларуску не размаўлялі!  Ды й сам яе Пеця пасля рэпетыцыйнага тэсціравання  распавядаў:  чалавек, які там дакументы правяраў, вырашыў, што хлапец памыліўся дзвярыма.  Кажа:  ты ж падданы РФ,  як ты будеш беларускую здаваць? Пеця: «Жыву я тут,  вучу беларускую і буду здаваць».

- А ці можна рыхтавацца да ЦТ па беларускай мове самастойна? Што можна параіць тым, хто не мае магчымасці пайсці на курсы ці да рэпетытара?

-  У мяне ёсць і такі вучань. Ен добра вучыцца і дадаткова займаецца сам. Праўда, у нашай гімназіі  так мала хто робіць. Я нават у яго запыталася, як ён вучыцца, па якіх падручніках.  Ён кажа, што карыстаецца дапаможнікам  па падрыхтоўцы  да ЦТ Святланы Іванаўны Цыбульскай  і  яшчэ купіў зборнікі тэстаў ад  інстытута кантролю ведаў за ўсе гады. Чытае тэорыю, глядзіць,  што за чым ідзе, потым адпрацоўвае тэсты, правярае.  Прыходзі ць да мяне на кансультаціі, а астатняе робіць  сам. Ёсць вельмі самастойныя і мэтанакіраваныя дзеці. Але такіх мала. Большасці патрэбна дапамога, не толькі ў тлумачэнні  матэрыялу, але і ў араганізацыі заняткаў.

У якасці дадатковай літаратуры для самападрыхтоўкі магу,  апрача Цыбульскай, параіць дапаможнікі Галіны Мікалаеўны Малажай, Зінаіды Іванаўны Бадзевіч.  Але галоўнае – самі тэсты. І яшчэ, калі рыхтуешся самастойна, абавязкова трэба хадзіць і на першы, і на другі, і на трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Па пробніках, якія можна ўбачыць толькі там, вы зразумееце, што будзе патрабвацца 13 чэрвеня.

-  Ці ёсць  ў праграме па беларускай мове тэмы, якія выклікаюць найболшыя цяжкасці ў абітурыентаў?

- Гэта даволі індывідуальна. Але пералічу тыя,  якія патрабуюць  асаблівай ўвагі. Члены сказа, асабліва інфінітыў у якасці азначэння, дапаўнення, акалічнасці. Параўнальны зварот. Там усяго два пункты правіла,  але калі не адпрацуеш, будуць праблемы. Пабочныя канструкцыі,  устаўныя канструкцыі. Цяжкавата ідуць тэмы  пра словазлучэнне, сказ, тэкст.  Блытаюць cтылі маўленная і тыпы маўлення. Дарэчы, вось маленкая хітрасць, як запомніць. Колькі літар у слове стыль? Пяць. I стыляў пяць. Колькі  літар у слове тып? Тры.  I тыпаў тры: апісанне,  разважанне,  апавяданне.

Многа пытанняў выклікае дзеяслоў як часціна мовы. Яго вывучаюць у  шостым классе, і тэма забываецца. А на ЦТ яе пастаянна абнаўляюць. То трыванні правяраюць, то канчаткі дзеясловаў, то рознаспрагальныя дзеясловы, то лады дзеясловаў.

-  Як адбіваецца на падрыхтоўцы да ЦТ рэформа правапісу?

- Рэформа правапісу не будзе тычыцца нас на працягу двух гадоў. Мы абавязаны знаеміць са зменамі, але не перавучваць.  Змены  ўвогуле добрыя,  многія выключэнні падвялі пад агульнае правіла. Але дзеці блытаюць усе роўна. Таму ў тэстах  зрабілі вельмі разумна: не ўключаюць увогуле ў тэсты тое, што змянілася. І яшчэ год так будзе. А потым ужо будзем  здаваць па новых правілах.

- Калі абітурыент толькі ў адзінаццатым класе зразумеў, што  трэба рыхтавацца да ЦТ па беларускай, ці паспее ён усе паўтарыць?

- Такія дзеці звычайна ідуць да рэпетытара ці на курсы. Паўтарыць рэальна, калі кожны тыдзень займаца 2 -3 гадзіны на курсах ці  з рэпетытарам. Для адпрацоўкі тэстаў па беларускай мове дастаткова толькі гэтых аўдыторных заняткаў. Ну за выключэннем апошняга месяца перад  ЦТ, там ужо і дома трэба тэсты «рашаць».

- Як выбраць добрага настаўніка на курсах ці ў якасці рэпетытара?

- Звычайна добрых настаўнікаў бацькі адзін другому перадаюць. А калі няма ў каго запытацца…Мае сэнс паглядзець, як працуе настаўнік, на свае вочы. Альбо ўважліва распытаць вучня пасля першых заняткаў.

На курсах вельмі важна, каб настаўнік пастаянна прысутнічаў, не толькі ў фізічным сэнсе. Пастаянна быў засяроджаны на навучанні. Гэта і ёсць кантроль у аўдыторыі. Напрыклад, ідзе апытанне ланцужком, кожны разбірае па сказу. Бачу, нехта слухае няўважліва,  кажу:  Пеця, ты наступны. Ён: да мяне ж не дайшла  чарга!  Я ў адказ: ты ведаеш, у мяне працуюць усе.   Ну і пастаянныя тлумачэнні,  увага настаўніка да пытанняў вучняў. Ні адно пытанне не павінна застацца незразумелым.

- Што можа перашкаджаць паспяховым заняткам на курсах?

- Пропускі, нежаданне працаваць і празмерны гонар. На нашых курсах займаюцца тры групы ў розныя дні, таму калі прапусціў  заняткі  ў свой дзень, можна адпрацаваць з другой групай. Калі не адпрацаваў, гэты «хвост» будзе цягнуцца да ЦТ.  Наконт нежадання працаваць -  ясна: у галаву сілай ніхто веды табе не ўкладзе. 

Ну і наконт гонару і форсу,  іх таксама прыходзіцца пераадольваць.  У нас на курсы прыходздять дзеці з рознай падрыхтоўкай. Хто з гімназіі, хто з агульнаадукацыйнай школы.  Здараецца і такое, што ў сваёй школе вучаніца была «зоркай», а прыйшла на курсы і адчула, што з іншых школ і гімназій ёсць вучні лепш падрыхтаваныя. На іх фоне твае памылкі адразу добра відаць. Вяду  з такімі дзецьмі індывідуальныя гутаркі.  Некаторыя кажуць:  тут разумныя сядзяць,  а я не такі. Я ў адказ: пачакай, і ты такі будзеш. Мы прыйшлі паўтарыць матэрыял і навучыцца. Больш моцныя вучні побач   – гэта  добры стымул, калі ставіцца да справы сур'езна, разумець, навошта прыйшоў.  Ды часам, на жаль, бывае: форс перашкаджае займацца, і пакідае «зорачка» курсы.

- Вядома, што больш трывалыя веды – тыя, якімі  будзеш карыстацца ў далейшым жыцці. Як вашы вучні далей карыстаюцца беларускай мовай?

- На першым курсе ў большасці ВНУ яшчэ даводзіцца працягваць вучыць беларускую мову, яна прадугледжана праграмай навучальнай установы. Далей вырашае жыцце. Вядома, будуць карыстацца мовай журналісты,  хутчэй за ўсе – і артысты, і мастакі, і дызайнеры. Есць і іншыя прыклады, для мяне як настаўніцы найбольш прыемныя. Адна мая вучаніца паступіла на геафак  БДУ.  Набрала на 100 балаў больш, чым патрабавалася пры паступленні на гэты факультэт: выбар прафесіі быў абсалютна свядомым. Размаўляе толькі па-беларуску. Кажа, што калі адчуваеш сябе беларусам, мову сорамна не ведаць. Калі яна пойдзе ў навуку,  то, вядома, будзе і друкавацца па-беларуску. А яшчэ адзін выспускнік  паспяхова вучыцца на праграміста. Ужо аб'ездзіў паўсвета. І там, за мяжой, адчуў і зарзумеў, што размаўляць на сваёй мове – гэта прэстыжна, інакш проста не павінна быць.

Гутарыла Марына Куноўская